15 сакавіка - Дзень Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь
15 сакавіка 2019 года спаўняецца 25 гадоў з моманту прыняцця галоўнага Закону Рэспублікі Беларусь - Канстытуцыі!
Са святам, беларусы!
Дзеючая Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь 1994 года з'яўляецца галоўным, асноўным законам дзяржавы. На яе аснове фарміруецца ўся сістэма бягучага заканадаўства, у ёй вызначаецца кампетэнцыя дзяржаўных органаў.
У Рэспубліцы Беларусь дзейнічае Канстытуцыя 1994 года са змяненнямі і дапаўненнямі, прынятымі на рэспубліканскіх рэферэндумах 24 лістапада 1996 года і 17 кастрычніка 2004 года. Яна была прынята 15 сакавіка 1994 года на 13-й сесіі Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь 12-га склікання і з'яўляецца першай у гісторыі суверэннай рэспублікі і пятай Канстытуцыяй Беларусі, прынятай пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 года.
Дзеючая Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь 1994 года з'яўляецца галоўным, асноўным законам дзяржавы. На яе аснове фарміруецца ўся сістэма бягучага заканадаўства, у ёй вызначаецца кампетэнцыя дзяржаўных органаў.
Адметнымі рысамі дзеючай Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь з'яўляюцца:
- палітычны плюралізм;
- замацаванне ў якасці эканамічнай асновы разнастайнасці форм уласнасці;
- устанаўленне роўнасці дзяржавы і грамадзяніна, наяўнасць у іх узаемных абавязацельстваў;
- замацаванне ў якасці вектара для развіцця бягучага заканадаўства прыярытэту агульнапрызнаных прынцыпаў міжнароднага права;
- вяршэнства права;
- падзел і ўзаемадзеянне ўлад;
- прамы характар дзеяння норм Канстытуцыі.
Канстытуцыя ўздзейнічае на развіццё прававой сістэмы, вызначае праватворчую кампетэнцыю дзяржаўных органаў, у ёй вызначаюцца як аб'екты, так і межы прававога рэгулявання. У Канстытуцыі замацоўваюцца віды нарматыўных актаў і іх супадпарадкаванасць.
Вяршэнства адносна ўсіх іншых прававых актаў – важнейшая юрыдычная ўласцівасць Канстытуцыі. Адпаведныя правілы (аб вяршэнстве Канстытуцыі) замацоўваюцца ў самім Асноўным Законе. Прыярытэт Канстытуцыі адносна іншых актаў таксама падмацоўваецца спецыфікай яе прыняцця, змянення або адмены.
Змест Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь
У Прэамбуле Канстытуцыі сфармуляваны асноўныя ідэі і прынцыпы, якімі павінны кіравацца народ і ўлада ў працэсе дзяржаўнага будаўніцтва і грамадскага развіцця. Гэта адказнасць за цяперашні стан і будучыню Беларусі; усведамленне сябе паўнапраўным суб'ектам сусветнага супольніцтва, неад'емнае права на самавызначэнне; апора на шматвяковую гісторыю развіцця беларускай дзяржаўнасці; зацвярджэнне правоў і свабод кожнага грамадзяніна; забеспячэнне грамадзянскай згоды і непахісных устояў народаўладдзя і прававой дзяржавы.
У першым раздзеле Канстытуцыі "Асновы канстытуцыйнага ладу" даецца характарыстыка беларускай дзяржавы як унітарнай дэмакратычнай сацыяльнай прававой, замацавана ўзаемная адказнасць грамадзяніна і дзяржавы.
У другім раздзеле "Асоба, грамадства, дзяржава" замацоўваюцца асабістыя, палітычныя, сацыяльна-эканамічныя і культурныя правы і свабоды грамадзян, вызначаюцца абавязкі грамадзян, адказнасць дзяржавы перад грамадствам і асобай, яе абавязак забяспечыць матэрыяльныя гарантыі і магчымасці для поўнага ажыццяўлення правоў і свабод грамадзян.
Трэці раздзел "Выбарчая сістэма. Рэферэндум" замацоўвае асноўныя прынцыпы выбарчай сістэмы, устанаўлівае парадак правядзення рэспубліканскіх і мясцовых рэферэндумаў.
У чацвёртым раздзеле "Прэзідэнт, Парламент, Урад, Суд" вызначаюцца статус і паўнамоцтвы Прэзідэнта; парадак фарміравання, склад, кампетэнцыя, формы і метады дзейнасці органаў дзяржаўнай улады, вызначаецца структура судовай улады і прынцыпы ажыццяўлення правасуддзя ў рэспубліцы.
Пяты раздзел "Мясцовае кіраванне і самакіраванне" вызначае, праз якія структуры грамадзянамі ажыццяўляецца мясцовае кіраванне і самакіраванне, іх статус і паўнамоцтвы.
У шостым раздзеле "Пракуратура. Камітэт дзяржаўнага кантролю" змешчаны нормы, якія рэгламентуюць дзейнасць двух дзяржаўных органаў – Пракуратуры і Камітэта дзяржаўнага кантролю.
У сёмым раздзеле "Фінансава-крэдытная сістэма Рэспублікі Беларусь" устанаўліваецца, што на тэрыторыі рэспублікі праводзіцца адзіная бюджэтна-фінансавая, падатковая, грашова-крэдытная і валютная палітыка, вызначаецца парадак фарміравання даходаў бюджэту, ажыццяўленне агульнадзяржаўных расходаў, складання, зацвярджэння і выканання бюджэтаў і дзяржаўных пазабюджэтных фондаў.
Восьмы раздзел "Дзеянне Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і парадак яе змянення" вызначае месца і ролю Канстытуцыі, фарміраванне ўсёй прававой сістэмы з улікам іерархіі нарматыўных актаў, а таксама раскрывае пытанні дзеяння Канстытуцыі і парадак яе змянення.
"Заключныя і пераходныя палажэнні" змешчаны ў апошнім, дзявятым, раздзеле Канстытуцыі. У ім абазначаны прававыя сродкі для забеспячэння пераходу да рэалізацыі тых норм, якія не могуць быць выкананы адразу з увядзеннем у дзеянне Канстытуцыі, а таксама змешчаны нормы, прысвечаныя асаблівасцям фарміравання, захавання паўнамоцтваў раней створаных і зноў прадугледжаных дзяржаўных органаў.
Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь увасобіла ў сабе пераемнасць і вопыт шматвяковага гістарычнага шляху Беларусі, азнаменавала новы этап у палітычным і сацыяльна-эканамічным развіцці краіны. Яна грунтуецца на неад'емным суверэнным праве беларускага народа мець сваю дзяржаўнасць і быць паўнапраўным суб'ектам сусветнага супольніцтва. У Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь знайшоў адлюстраванне вопыт канстытуцыйнага будаўніцтва такіх дзяржаў, як Аўстрыя, Бельгія, Данія, Італія, ЗША, Францыя, ФРГ, Швецыя і іншых краін з улікам асаблівасцей умоў развіцця нашага грамадства і яго гістарычных традыцый.
Беларуская Канстытуцыя гарантуе кожнаму грамадзяніну свабоды і правы, неабходныя для стваральнай працы, дастойнага жыцця і гарманічнага ўсебаковага развіцця асобы.
Змяненні і дапаўненні ў Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь
Дзеянне Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і парадак яе змянення вызначаны ў раздзеле VIII Асноўнага Закона.
У артыкуле 138 гаворыцца, што пытанне аб змяненні і дапаўненні Канстытуцыі разглядаецца палатамі Парламента па ініцыятыве Прэзідэнта або не менш як 150 тыс. грамадзян Рэспублікі Беларусь, якія валодаюць выбарчым правам.
У артыкуле 140 замацавана палажэнне аб тым, што змяненні і дапаўненні Канстытуцыі могуць быць праведзены праз рэферэндум. Рашэнне аб змяненні і дапаўненні Канстытуцыі шляхам рэферэндуму лічыцца прынятым, калі за яго прагаласавала большасць грамадзян, унесеных у спісы для галасавання.
Раздзелы I "Асновы канстытуцыйнага ладу", II "Асоба, грамадства, дзяржава", IV "Прэзідэнт, Парламент, Урад, Суд" і VIII "Дзеянне Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і парадак яе змянення" могуць быць зменены толькі шляхам рэферэндуму.
Першыя змяненні і дапаўненні ў Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь былі ўнесены ў выніку праведзенага 24 лістапада 1996 года рэспубліканскага рэферэндуму, на які былі вынесены два праекты абноўленага Асноўнага Закона.
За праект, прапанаваны Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь А.Р.Лукашэнкам, прагаласавалі 5175664 чалавекі, або 70,5% ад агульнай колькасці выбаршчыкаў. За праект Вярхоўнага Савета – 582437 чалавек, або 7,9% ад агульнай колькасці выбаршчыкаў. На падставе вынікаў рэферэндуму Канстытуцыя была прынята ў новай рэдакцыі.
Нараўне з раней прадугледжанымі нормамі аб разнастайнасці форм уласнасці, палітычным плюралізме, прыярытэце агульнапрызнаных прынцыпаў міжнароднага права, судовай абароне грамадзянамі сваіх правоў і свабод з'явілася палажэнне аб вяршэнстве права, пераразмеркаваны паўнамоцтвы паміж Прэзідэнтам, Парламентам і Урадам, пашыраны некаторыя правы і свабоды.
Унясенне змяненняў у Асноўны Закон дало магчымасць забяспечыць эфектыўную дзейнасць выканаўчай, заканадаўчай і судовай улад, а таксама Кіраўніка дзяржавы ў інтарэсах беларускага народа.
Правядзенне рэферэндуму 1996 года з'явілася адзіным легітымным спосабам устараніць тыя канстытуцыйныя палажэнні, якія знаходзіліся ў супярэчнасці з прававымі нормамі, грамадскімі патрэбамі і задачамі стварэння эканамічна стабільнай, сацыяльна арыентаванай, прававой дзяржавы.
Наступны рэферэндум, на які былі вынесены пытанні змянення і дапаўнення Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, адбыўся 17 кастрычніка 2004 года. Яго вынікам з'явілася выключэнне з часткі першай артыкула 81 Канстытуцыі нормы аб займанні адной і той жа асобай пасады Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь не больш як два тэрміны.
Згодна з данымі Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў, у гэтым галасаванні прынялі ўдзел 90,98% выбаршчыкаў. За новую рэдакцыю часткі першай артыкула 81 Канстытуцыі выказаліся 79,42% грамадзян ад агульнай колькасці ўнесеных у спісы для галасавання.
Па матэрыялах сайта http://president.gov.by